Львы
Міколу
Мятліцкаму прысвячаю
1
Джукі блажыла.
Яму
выварочвала нутро і язык, - язык рабіўся доўгі, выцягваўся з рота, чырванеў, як
агонь, слаўся на траву і на жоўтыя ў цвеце кунатыя адуванчыкі, і з яго цякла
зялёная сліна - пенай. Калі блага адпускала, яго адразу хапаў кашаль - сухі,
дзяркаты, глыбокі, ад яго падцінала духі, спірала ў вузкіх, маладых яшчэ
сабачых грудзях - Джукі не было яшчэ і двух гадоў, - і ён тады задыхаўся ад
сухой гарачкі, якая паліла ў горле і востра пахла растаптаным палыном і ёдам.
Ён бег тады
з двара, пасля бег вуліцай з Бабчына на лог, пасечаны на чорныя сцежкі кароўімі
капытамі яшчэ ад згону зімы, шукаў жыватом халодную пляйстру зямлі, клаўся
аблогай і выцягваў сваю чорную як смоль з белай ласачкай на носе морду ў купіну
- у густую цёмную ніжыперніцу, на якой увесь дзень, горача ці холадна, віселі
буйныя, па ягадзе, кроплі расы. Тады адпускала, можна было перавесці дух. Язык
цямнеў, рабіўся ліловы, не лез назад у рот, ляжаў на купіне, выцягнуты і
здранцвелы, не хацеў нават злізваць расу. Па языку адразу пачыналі поўзаць
мурашкі. Маленькія, худзенькія, рудыя і жоўта-выцвілыя, яны абсыпалі яго і
пяклі, што крапівай ці чорт ведае чым... І тады Джукі чуў, што ён яшчэ жывы...
Падымаў сваю доўгую чорную з ласачкай морду з купіны і адплюшчваў балючыя вочы.
Яны рэзаліся ад пяску, пылу, дыму, смуроду і былі мокрыя ад гарачых слёз. Ён
цёр тады іх сагнутай крывой правай лапай - зраслася абы-як пасля того, як ён
сунуў яе ля магазіна пад машыну; калі апускаў лапу - уваччу было жоўта ад
адуванчыкаў. Яны раслі, старчма і абвісшы, на купіне, на сцежцы, воддаль на
лагу, усыпалі поле, як скінуць балючымі вачыма, перабягалі за шэры асфальт і
знікалі пад самым лесам ля Вялікай Пелі - балотца. Ад іх уся зямля, увесь
Бабчын і нават зацягнутае густой тумановай завалаччу сіняе неба акрывавілася нейкай
праціўнай успененай чырвонай жаўцізной... Здавалася, што ўвесь свет жоўты...
Каб хоць сонца ўгары не было жоўтае. А то і яно крывава-жоўтае і, падняўшыся
над лесам і над дарогай, круціцца і круціцца, як вялікае сабачча вока... Ад яго
пачынае круціцца зямля падыспадам з полем, Бабчынам, шэрай шашой, далёкім
лесам, - каб і хацеў, дык не ўдзержыш яе пад сабой сваімі пакалечанымі кволымі
сабачымі нагамі. Як ні чапляйся...
І тады зноў
падступае блага... Так тузае, што, здаецца, галаву сарве з карка і адкіне за
жоўтую купіну...
Блажыць
пачало тыдні два назад, калі з начы выпаў сіні іней. Джукі тады сарваўся з
прывязі - адцяў два кружочкі ад ланцуга, яны і цяпер, калі ён бяжыць, бывае,
звіняць на ашыйніку на грудзях, там, дзе спірае кашаль. Ён бег у тую раніцу
вуліцай, а над ёй вісеў густы нейкімі жоўта-бурымі клубамі - ад ранішняга
сонца, ці што? - туман. Ні хат, ні платоў не было відаць. Вуліцу ён чуў толькі
носам - пахла пылам і палыном, што рос ля платоў і частаколаў. Туман быў цёплы,
як пара, і пах нейкай праціўнай мазутай, перагарам, паленай гумай, бензінам,
гнілой ворванню, ад якой выварочвала нутро, і... ёдам. Джукі бег за вёску,
шукаючы ў рудым тумане хоць які ўзмежак з прытаптанай вільготнай дзяцельніцай,
куды можна было б уткнуць нос. Спачатку ён дыхаў палыном. Пасля і палын пачаў
смярдзець, бензінам, гнілой ворванню і ёдам... Ні ля калгаснай студні, ні на
ўзмежках, ні на дзядзінцы ля фермы не было ратунку...
Выбегшы за
вёску на лог, Джукі згледзеў, што ўсюды на траве ляжыць сіні дробненькі іней -
насыпаўся, як увосень. Іней лез у нос, нічым не пах, можа, трохі сухім торфам,
але хацелася перхаць. Ад перхаўкі шорсткі, як пілавінне, сіні іней лез у
грудзі, і тады іх разрываў кашаль. Праз якую гадзіну пачало блажыць - вырвала
на жоўтыя адуванчыкі ўсё, што Джукі падабраў учора позна вечарам на двары ў
курыным карыце, і пагнала зялёную пену... Ужо нічога не давала рады: ні палын
на межах, ні зверабой, ні лебяда ў гародзе, ні жоўтыя адуванчыкі, якія ён
жвакаў у роце зубамі, - адуванчыкі буялі такім цветам, які Джукі ніколі яшчэ не
бачыў. Не ратаваў ні густы пырнік, ні дзяцельніца, ні жычка ля хлеўчыка, ні
маліннік у гародчыку ля студні, дзе Джукі качаўся. Куды толькі ён не соваў
нос... Нідзе не было спасу. Ратавала толькі ніжыперніца - расла, сцелячыся сваім
шырокім, пажмаканым, як мяхі ў гармоніку, лісцем па самай зямлі. Яе прыкрывалі
зверху ад інею і пылу густая трава і адуванчыкі, ніжыперніца была халодная, як
лёд, і на ёй вісела раса.
На другі
дзень Джукі шукаў носам адну толькі ніжыперніцу. Спачатку ён злізваў сваім
доўгім языком з яе халодную расу. Пасля пачаў жаваць лісце і глытаць. Блага
мінала.
І Джукі,
пасля таго як выпаў сіні іней, усе гэтыя дні, калі яго душыла блага, шукаў
ніжыперніцу...
2
Пасля
ніжыперніцы адпусціла. Джукі мог дыхаць усімі, ахрыплымі за гэтыя дні,
грудзьмі, і, падняўшыся з лагчынкі ля купіны, ён пабег, форскаючы ад пылу і
задзіраючы морду, назад у Бабчын - на свой двор, дзе з учарашняга былі
расчынены насцеж і вялікія вароты, куды заязджаў гаспадар на трактары і на
грузавой машыне, і маленькія варотцы, праз якія ўсягды хадзілі да іх на двор па
ваду суседзі. Джукі на суседзяў ніколі не брахаў; ляніва глядзеў і на курэй,
што беглі на двор з усяго канца вёскі і лезлі ў карыта да свіней. Іх ганяла
сама маладая гаспадыня - гальніком, дзержачы на руцэ малое.
На двары
было пуста, дзверы ў хату і ў хлеў былі пазачыняны. У хляве, чуваць было,
грукала рагамі аб сцяну карова і рохкалі свінні. Куры, выдзеўбаўшы гразь у
карыце, паселі на ганку і круцілі галовамі. У хаце крычала на ўсё горла радыё -
не выключылі.
Джукі,
прыбегшы з логу, як і ўчора раніцай, шукаў маладога гаспадара: станавіўся на
заднія лапы і пярэднімі дзёр па дзвярах у хату, пішчаў і скуголіў. Ніхто не
адчыняў. Тады ён даставаў лапамі да акна ў хаце і стрэпаў кіпцямі па шкле. У
хаце было пуста. Джукі бачыў у шыбіне толькі сваю чорную вострую морду з белай
плямкай на носе і доўгі чырвоны язык - выцягнуўся за гэтыя дні, аж не месціцца
ў роце. Каб хоць яго можна было схаваць за зубамі, а то целяпаецца, ловячы пыл,
пясок, мух і мурашак, робіцца за дзень шорсткі, як тарка. Мякчэў язык толькі
пасля благі - ад зялёнай пены.
Джукі
глядзеў праз акно ў хату, дзе былі параскіданы па падлозе лыжкі і дзіцячыя
чырвоныя лялькі, і чакаў. Вот выйдзе на ганак малады гаспадар, высокі, стройны,
чорна кучаравы, у чорных штанах і белай рубашцы. Джукі падскочыць з зямлі,
пакладзе яму на плечы пярэднія лапы і лізне языком у самы кончык носа,
асцярожна, далікатна - і ўсё: малады гаспадар не любіў, каб яму вадзілі па
шчоках мокрым языком, як анучай, гэта маладую гаспадыню можна было лізаць,
ніколі не закрывалася, - і тады малады гаспадар пусціць у хату, адчыніць шафку
і адрэжа яму кавалачак кілбасы, што прынёс з магазіна. Джукі яе вельмі падабаў.
Джукі лёгка
клаў маладому гаспадару лапы на плечы - быў у свае няпоўныя два гады рослы - на
высокіх лапах; доўгі - калі клаўся пад дзверы, займаў увесь ганак; з доўгім
хвастом - хвост чорным цяжкім выцягнутым сярпом цягнуўся за ім аж па зямлі. Сам
Джукі быў, відаць, беспародны, аблавухі дварняк, толькі, што ні кажы, - разумны
і, ў дадатак да ўсяго, чорны, як бог ведае ў што афарбаваны, і бліскучы, аж
палыскаўся. Малога яго звалі Бімам, пасля, калі падрос і ўжо ганяў курэй, сталі
зваць Жукам. А летась увосень на цэлы месяц прыехаў дамоў іхні сусед - таксіст
з Кіева. Высокі, вышэй маладога гаспадара, ценкі, цяней за гаспадара, з
доўгімі, аж на плечы, кучаравымі чорнымі валасамі, даўжэйшымі, чымся ў маладога
гаспадара, з чорнымі вусамі, большымі, чым у гаспадара, хадзіў ён заўсёды ў
белых штанах, чырвонай рубашцы, пад чорным, як у яго, Джукі, хвост, доўгім
гальштукам і ў чорных, такіх бліскучых туфлях, што на іх не было як глядзець -
слеплі сабачыя вочы. Ён зваў яго не Жук, а Джукі - на загранічны манер. І
перахрысціў сваёй лёгкай рукой. Адразу...
За акном усё
яшчэ звінела радыё і муха - білася ў шкло. Гаспадар не выйшаў ні з хаты, ні з
хлява. Джукі тады скочыў у сад - у кут да студні. У два скачкі, з ганка цераз
частакол... Закалыхалася толькі ўгары голле ад яблыні і пасыпаўся на сцежку пад
лапы позні белы цвет... Д'жукі не бачыў яшчэ, каб так цвіў сад - быў увесь белы
ад цвету, як ад пены, зрабіўся нейкі празрысты, нібы шкляны, і цягнуўся ўгару -
здавалася, за гэтыя дні ён пачаў шугаць у неба адным белым цветам. І трава ў
садзе так буяла, што ў ёй хавалася дзежачка з вадой, якая стаяла пад яблыняй...
У садзе было
ціха - каб дзе муха зазвінела. Джукі, не знайшоўшы ў садзе гаспадара, бег ад
студні белай ад цвету сцежкай на двор і чуў, што ступае лапамі на мёртвых
пчол... Яму яшчэ здалося, што ў хаце заплакалі малыя гаспадаровы дзеці. Ён
спыніўся ля ганка і задзёр угару галаву - у сінім небе над вёскай нылі
самалёты, цягнучы за сабой белыя, як цвет на яблыні, пеністыя дарожкі - іх было
аж чатыры, - і за сцяной у хаце звінела радыё...
І Джукі, як
і ўчора, не знайшоўшы дома маладога гаспадара, выбег на вуліцу і пусціўся ў
канец вёскі да школы, дзе ён бачыў свайго гаспадара апошні раз. Выбегшы на
вуліцу, ён быў яшчэ спыніўся - хацеў павярнуць на шашу, каб пабегчы ў лес да
свінакомплекса, дзе ўсягды дзень і ноч прападалі яго малады гаспадар і маладая
гаспадыня і дзе ў дзесяці доўгіх і высокіх мураваных будынках было гэтулькі
свіней, што калі б давялося забрахаць на кожную адзін толькі раз, не хапіла б
сабачага жыцця... Але ён ужо бегаў туды ўчора. Маладога гаспадара там не было. Адно
галодныя свінні вірашчалі так, што здавалася, поўсць стане дыба...
І Джукі
пабег у канец Бабчына пад Стралічава.
3
Пацягнуўшы
носам густы пыл з палыном і мазутам, Джукі адразу пачуў, што ягонага маладога
гаспадара няма ў грумадзе. Але ён бег, усё нюхаючы пыл і форскаючы носам, у
грумаду да школы пад канец вёскі. Усюды пахла палыном і саляркай, здратаванай
травой, дымам ад папярос і праціўным вінным перагарам, як ад кіеўскага
таксіста, а ён, Джукі, цягнуў і цягнуў носам пыл: не ля школы, дык ля магазіна
гаспадар будзе - мала, што ён у тую раніцу сеў з маладой гаспадыняй - у яе на
руках было двое малых, а ён валок два вялікія чамаданы - у бітком набіты
аўтобус. Перад тым гаспадар пусціў яго ў хату і доўга гладзіў па галаве,
гледзячы ў вочы. Пасля сам лізнуў яго, Джукі, у нос і заплакаў. Джукі бег ззаду
за аўтобусам аж за Стралічава, не дабегшы да Хойнік. Джукі не раз быў у
Хойніках, ведаў, што малады гаспадар мог сесці ў вялікі чырвоны аўтобус і
паехаць далей - у Гомель. Ну і што?.. Не раз было: паедзе - прыедзе...
У грумадзе
ля школы на дзядзінцы неяк прарэзліва і праціўна звінелі галасы і вёдры - ну і
што? Хіба так не было? Завялі трактар, застракатаў матацыкл, зараўлі цяжкія,
крытыя брызентам машыны, пускаючы сіні дым вышэй стрэх. Ля магазіна стаялі ў
рад вялікія чырвоныя аўтобусы...
Джукі адразу
сунуўся ў грумаду - пад ногі: яму раптам здалося, што ён пачуў знаёмы пах
гаспадара - пах свіней на свінакомплексе, саляркі, варанай бульбы і яшчэ нечага
рэзкага - так пахлі двое маленькіх дзяцей, калі гаспадар трымаў іх на руках;
малаком і сікамі. Гэты пах быў недзе зусім блізка, і Джукі аж спёрла ў горле.
Ён бег, цёршыся ля босых, мокрых ад расы і апырсканых граззю ног, ля халяў
кірзавых запыленых ботаў і заляпаных гноем гумовікаў, ля новых беленькіх кедаў,
красовак, туфелек, чаравікаў і басаножак... Ён круціўся ўзад-уперад,
задыхаючыся ад пылу, яму сталі абцасам на балючую правую лапу, і ён
закульгаў... Кульгаў, пакуль не пачаў задыхацца ад пылу і знямогі. Падумаў
тады, што і боты, і босыя ногі, і штаны, і спадніцы - усё пахне сёння
гаспадаром: свіным хлевам, гарам і дзіцячымі сікамі, збіваючы яго са штыху.
Рыкала недзе
скаціна, крычалі і плакалі людзі, брахалі сабакі, хлебястаў блізка трактар, але
Джукі не шманаў - такое бывала і ля школы, і ля магазіна не раз. І не такое
нават, калі сюды сыходзілася вечарам шафярня і калі сярод іх быў кіеўскі
таксіст. Але сёння над усім гэтым - над вёскай, над людзьмі, над доўгімі
чырвонымі аўтобусамі і вялікімі кузаўнымі машынамі, крытымі брызентам, у
кабінах якіх сядзелі ваенныя, вісела нейкая ўтрапёная, гарачая чалавечая
трывога, якую Джукі ўлавіў ужо тыдні два назад. Яна адрознівалася ад звычайнай
сабачай трывогі, і яе Джукі ніяк не мог зразумець сваім маладым яшчэ розумам...
Нарэшце яна вылілася ў адну кроплю, чыстую і празрыстую, як раса на
ніжыперніцы: ён больш ніколі не ўбачыць свайго маладога гаспадара з маленькімі
дзецьмі на руках...
Над вёскай
павіслі гарачае сонца - паліла з засмужанага жоўтага неба - і плач. Дзяцей
адлучылі ад грумады і пасадзілі ў вялікія чырвоныя автобусы - садзілі людзі ў
белых шапачках на галовах. Ад іх пахла ёдам - аж зрывала нос.
У аўтобусах
шчыльна пазачынялі вокны.
Астатняя
грумада, грукаючы кірзавымі ботамі, шлёпаючы гумовікамі і сіляючы басаножкамі
пясок, села ў крытыя брызентам машыны.
Ля школы
асталося некалькі чалавек з вёскі - пусціліся бегчы за машынамі. Джукі абагнаў
іх і пабег першы. Бег аж за Стралічава, пакуль язык ад пылу, што падымалі
машыны, не зрабіўся шорсткі, як кара...
Тады яго
зноў зблажыла...
4
Змораны,
Джукі сядзеў на пагурку ля шашы пад Стралічавам і глядзеў на поўдзень, дзе
несціхана гулі ў небе самалёты і далёка, недзе ўжо на Ўкраіне, падымалася і
стаяла, як і ўсе гэтыя дні, густое бурае воблака. Ён не ведаў чаму, але яму
раптам захацелася завыць, і ён, задзёршы ўгару галаву і гледзячы на рудое
воблака, над якім кружылі дробныя чорныя мушкі - самалёты, зацягнуў, як воўк.
Раз, другі, цягнуў доўга, як выліваючы з душы і страх і бяду і сабачыя слёзы па
гаспадару, якога вельмі любіў, і самому яму адтаго рабілася жудасна - уставала
на хібе поўсць...
У Бабчыне
пачалі адзывацца сабакі.
Яны і
атакавалі яго, калі ён збег з пагурка ад Стралічава на вялікі лог з асушальнымі
канавамі, у якіх блішчала на сонцы вада. Бабчын разросся, пайшоў паўкругам да
шашы і да лесу, акруціўшы шырокай, доўгай абтаполенай вуліцай хат на дзвесце
вялікі лог, дзе нядаўна яшчэ было возера. Па ім плавалі на чоўнах па траву,
лавілі карасёў і стралялі качак.
Яны
сабраліся з усяго Бабчына на лагу ля канавы. Вада ў ёй была роўна з берагамі.
На беразе стаяў чырвоны трактар - пампаваў яе ў два вялікія, укрытыя
цэлафанавай плёнкай, душы - адзін і воддаль яго - другі. За плёнкай відаць былі
цьмяныя сілуэты голых людзей; вуха лавіла халодны баязлівы смех. Да душаў -
аднаго і другога - выцягнулася доўгая чарада людзей, як, бывае, да магазіна;
знадворку ля цэлафану падымалася высака ўгару мыльная пена, і яе разносіў
гарачы вецер, які дзьмуў з самай раніцы з гары - з Украіны. Ля душаў, ля
трактара і ля крытых брызентам машын завіхаліся людзі ў белых халатах, з белымі
шапачкамі на галовах і з белымі павязкамі на тварах...
Атакавалі
яны яго з гэтага боку, ад людзей з белымі шапачкамі. Джукі згледзеў яшчэ
здалёку, з гары, што яны, збегшыся, круціліся пад нагамі ў людзей з белымі
шапачкамі, перабягалі ад трактара да канавы і назад, ляжалі хто як на траве,
кашлялі, перхалі, ванітавалі, падпаўзалі да душа і лізалі белую пену. Былі
злосныя, гыркалі на людзей і самі на сябе.
Джукі іх
усіх адразу пазнаў: леглі, згледзеўшы яго, на беразе канавы на стоптанай траве
ў адзін рад і натапырыліся ў яго бок, нават хвастамі не краталі - чакалі.
Самая першая
ляжала, выцягнуўшы ўперад лапы і паклаўшы на іх морду, сучка Брынза. Была яна
старая, худая, доўгая, касцістая і ўся жоўтая - і вочы ў яе былі жоўтыя. Жыла
яна з таго канца Бабчына, пад свінакомплекс, у старой будцы з дзіравай жоўтай,
як сама, ржавай бляшанай стрэшкай ля хлеўчыка ў такой жа старой гаспадыні. У
Брынзы быў гадаванец - Тузік, такі ж жоўты, кудлаты, толькі недаростак. Ляжаў
ён цяпер за ёй ззаду і церабіў нагой за вухам.
Воддаль
Брынзы, павярнуўшыся да яе галавой, кашляў Руды. Дварняк з выбітым вокам.
Невядома чый. Аціраўся каля ўсіх свіных карыт у Бабчыне і ў дадатак еў курыныя
яйкі ў гнёздах.
За Рудым
ніяк не мог улежаць - усё торгаўся і круціў па баках галавой - Палкоўнік,
высокі, калі стане на ногі, рыжы, стройны ганчак-мяшанец. Жыў цераз вуліцу ад
старой сучкі Брынзы. Гаспадар яго, прыйшоўшы некалі без нагі з вайны, крычаў,
напіўшыся: я - палкоўнік! Гаспадар так і стаў у вёсцы Палкоўнікам, а цяпер і
ягоны сабака. Палкоўнік-сабака быў усягды дагледжаны, накормлены. Меў раскошную
новую, пафарбаваную ў чырвоны колер, як страха на хляве, будку і кожны раз
кідаўся з яе на Джукі і хапаў адразу за горла, калі той забягаў на двор.
За
Палкоўнікам ляжалі ўпобачкі Пушок і Чапа - Чапкоўскі. Пушок - маленькі,
рыжанькі, кудлаценькі. Хатні. Жыў пасярод вёскі ў маленькай хаце адзінокай
гаспадыні. Чапа - Чапкоўскі - быў чорны, прыземісты, даўгавухі - вушы аж па
зямлі. Ніколі не задзіраў галавы, любіў дзяцей, бегаў за імі па вёсцы, і яны цягалі
яго за вушы. Гаспадара яго Джукі не ведаў.
За імі,
ускочыўшы раптам з зямлі, пачалі нюхаць адзін аднаго два Бімы - Вялікі Бім і
Малы Бім. Абодва чорныя, у белыя плямы. Равеснікі Джукі. З новага пасёлка над
Стралічавам. Жылі яны на размалёваных верандах, будак у іх не было.
Скочыўшы
наперад, падбеглі і ляглі бліжэй за ўсіх да яго, Джукі, Вермут - карычневы, як
спелы каштан, падобны на аўчарку шыракагруды здаравяк, і сучка Вілія - такая ж
карычневая аўчарка - дзесятая вада на кісялі. Гэтыя жылі ў канцы вёскі ля
школы. Ні будак у іх не было, ні жыцця добрага. Прывёз іх некалі абаіх са
Стралічава п'яніца-трактарыст смаркатымі шчанятамі і кінуў на вуліцы... Яны і
цяпер ляжалі ўсягды на вуліцы на пяску ўпобачкі, перахлябістыя, галодныя, і
куры клявалі ім хвасты.
Далей
кратаўся ў траве, як усё роўна рыў сабе яму, чорненькі маленькі Маркіз з белай
манішкай на грудзях і стаячымі вушкамі. Гэтага Джукі добра не ведаў - прывезла
яго фельчарка з Гомеля і рэдка выпускала з хаты.
Была тут і
сучка Малекула, бурая, падгалая. Жыла ў настаўніка ля самай школы ў хітрай
будцы з шыфернай стрэшкай. Лавіла курэй.
Апошнім у
гэтай сабачай гайні, якая часта збіралася вечарамі ў Бабчыне на лагу, ля школы,
на ферме, а то і аж на шашы пад свінакомплексам і рэдка разыходзілася з мірам
жывая і здаровая, быў Мірон - чорная няўдалая барзяціна. Жыў Мірон на двары ў
старшыні калгаса. Сядзеў усягды ці на ланцугу ля будкі, ці ў легкавой машыне з
гаспадаром.
Ён першы і
кінуўся на яго, Джукі, падскочыўшы з зямлі, як мячык... І ў гэту кароценькую
долю імгнення, пакуль Мірон вісеў угары, Джукі згледзеў, што той аблез... Быў
увесь шэры, нібы ўкачаны ў попел. Доўгая чорная кудлатая поўсць у яго асталася
толькі на шыі і на канцы хваста, як у льва... Дагэтуль Джукі бачыў львоў толькі
ў тэлевізары, калі гаспадар быў добры і пускаў яго вечарам у хату... Ён
спопаразку затрымаўся на міг на месцы - а так бы ён скочыў убок! - тут яго і
збіў з ног Мірон, пакаціўшы па траве... Коцячыся ўніз з беражніцы, Джукі
згледзеў яшчэ, як усе яны, пачынаючы ад жоўтай Брынзы і канчаючы прагавітай
Малекулай з Бімамі, Чапамі і Маркізамі - няшчаснай малечай, калі схапіць якую -
на адзін зуб з кішкамі ў прыдачу - распласталіся ўгары ў шалёным скачку. І зноў
Джукі разанула па вачах - усе яны аблезлі: і Брынза, і Малекула, і два Бімы...
Хто знізу з жывата, хто зверху са спіны. Жоўтая Брынза была ўся голая...
Яго збіў з
ног Мірон, Мірон яго і выратаваў. У той міг, калі жоўта-гола-шэрая беспародная
гайня, сплёўшыся яшчэ ўгары над ім у раз'юшаны разяўлены клубок, сапучы
гарачынёй, яхкаючы і рычачы, упала на яго зверху - яна лучыла на спіну Мірону,
які ў гэты час прыціснуў яго, Джукі, перакуленага дагары, да зямлі і намагаўся
сцяць зубамі за горла. Мірон заекатаў на ўвесь свой пярхаты, ахрыплы голас; пад
ім распаўзліся ногі, і ён прыціснуў сабой - з усёй гайнёй, якую не ўтрымаў на
спіне - Джукі да зямлі... Джукі пачуў, як у яго палезлі з вачніц вочы... Пасля
гаты калючы, гарачы, раз'юшаны аблезлы клубок падхапіў яго вострымі кіпцюрамі з
зямлі і, здзёршы ашыйнік, пакаціў па беражніцы, парытай кратамі, па ліпкай
траве, запырсканай пенай, слінай, сікамі і кроўю. Ён чуў, як яго рвалі зубамі
за спіну, за бакі, за хвост... і сам выпусціў кіпцюры і запусціў зубы, чуючы ў
роце пясок, поўсць, якая была асталася яшчэ на баках аблінялай зграі, і салёную
кроў, ад якой ён звярэў... Але іх, аблезлых, было многа... А ён быў адзін... І
яны кацілі яго берагам да чырвонага трактара, пасля людзям пад ногі на мокрую
траву і мыльную пену. Кацілі і рвалі зубамі... Калі яго выкацілі на чыстую
беражніцу на чорны торф і сівы пясок, ён пачуў, што задыхнецца ад пылу, не
вытрывае... Хапіў кашаль, і падступіла блага... Як кожную раніцу... Злавіўшы
момант, калі яго зноў распласталі на спіне, ён сабраў у абкусаныя лапы ўсю сваю
сабачую сілу, спружыўся, адштурхнуў ад сябе гарачы, запылены зубаты клубок і...
астаўся ляжаць на зямлі... на спіне... Гарачы, раз'юшаны клыкасты клубок у
гарачцы забыўся на яго і пакаціўся, гыркаючы, форскаючы і якочучы, сівым
пясчаным логам, падымаючы з зямлі пыл, поўсць, камякі торфу, траву і жоўтыя
адуванчыкі...
Джукі ляжаў
на мокрай ад крыві траве на спіне, не могучы адразу падняцца. Напружыўшыся, ён
задзёр галаву і глядзеў на запылены аблезлы львіны клубок, які нібыта гарачым
ветрам гнала на шашу пад Стралічава...
Блізка недзе
ракатаў трактар, бразгалі вёдры і крычалі людзі.
Яны і
падышлі да яго, пачакаўшы - двое, у белых шапачках і з белымі павязкамі на
тварах. Нахіліліся, падклалі рукі і паставілі на ногі...
Ён не даўся,
каб яго пагладзілі па галаве.
5
Ён начаваў
гэту ноч на ганку пад дзвярыма. Расцягнуўся на дашчатай пафарбаванай падложцы,
паклаў галаву на лапы і глядзеў усю ноч на вуліцу праз расчыненыя вароты. Усю
ноч было ціха ў вёсцы, як у яме; толькі звечара далёка на шашы, пад
свінакомплекс, ціхенька шумелі машыны, лыпаючы падслепаватымі фарамі, позна
ныла за акном у хаце радыё, падалі пасля спалоханы голас куры ля хлева, як усё
роўна іх узагнала памаўзлівая Малекула, і ўсё сціхла, як вымерла. Толькі капала
ў студню аднекуль зверху вада - ці не з дзіравага вядра на ланцугу - манатонна,
раз за разам і не давала звесці вочы. Джукі так і не заснуў да самай раніцы -
на жываце і на задніх лапах балела скура, востра, як пасыпаная прысакам. Калі
ён кратаўся, чуў, што пад ім мокра і ліпка - з жывата, з раны, цякла сукравіца.
Усю ноч ён
глядзеў на вуліцу і ўсю ноч думаў: чаму на яго напалі сабакі? Перш яны на яго
так не нападалі: баяліся. Гыркалі, рвалі, бывала, у зборышчы за бакі, гыркаў,
рваў і ён таго, хто лез яму на ражон ці пах такой паскуднай гнілой псінай, што
лепш бы яму, такому, здыхаць у будцы, а не лезці нюхацца, разявіўшы паскудны
рот...
Можа, напалі
за тое, што завыў па-воўчы днём на гары пад Стралічавам, навёўшы жуду на
сабачыя вушы? Сабакі выюць рэдка, можа, толькі чуючы смерць, і не любяць
гэтага.
Пасля недзе
ў яго напятым сабачым розуме мільганула здагадка, у якую ён і сам не хацеў
верыць: напалі за тое, што ён не аблез... Яны аблезлі, а ён не. У яго толькі
высыпалася поўсць з маленькай белай ласачкі на носе. Ёй не ведаў, што гэта была
за бяда, але яна яго мінула, а іх не. А што бяда прыйшла, ён гэта чуў; не
ведаў, не разумеў сваім сабачым розумам, якая яна, гэта бяда, але чуў -
хацелася выць. Ляжаў усю ноч галавой да расхрыстаных варот на пустую вуліцу, а
яму хацелася выць - хоць здохні. Ён пробаваў выць ноччу, але ад натугі балеў
паранены жывот і густа цякла на ганак сукравіца.
Звёў вочы ён
пад раніцу, у час, калі ўсё жывое млее і пускае па губах салодкую сліну, і
адразу прачнуўся ад грукату. Спаць яму не далі.
Яшчэ не
падымаючы галавы з лап, ён добра ўбачыў, як з шашы ад свінакомплекса паўзлі
сюды, у вёску, машыны. Нізенькія, зялёныя, крытыя зялёным брызентам, яны
лязгалі бліскучымі гусеніцамі, як трактары. Узышло сонца за свінакомплексам і
сцябала па бліскучых гусеніцах крывавым золатам. За нізенькімі машынамі ішлі
высокія, дзюбатыя, як буслы, за імі парожнія кузаўныя; іх, здавалася, падпіхалі
чырвоныя трактары, сунучы па зямлі перад сабой вялізныя металічныя белыя
лемяхі. Джукі ўздрыгнуў, пачуўшы нешта нядобрае. А ўцякаць яму сёння нікуды не
хацелася: балеў паранены жывот. З логу з ветрам прынесла гар - зноў падвярнула
пад грудзі блага, як і кожную раніцу. Але на лог у ніжыперніцу не пабяжыш: там
зялёныя машыны...
Пачакаўшы,
Джукі ўбачыў, што ў вёску яны не ідуць: з'ехаўшы з дарогі, пачалі ссоўваць у
кучы зямлю, і на дарозе і на полі, падымаць яе каўшамі ўгару, насыпаць у кузавы
і адвозіць у бок свінакомплекса. Над полем і над дарогай падняўся высока пыл,
засланіўшы рудой пасцілкай сонца. Ад грукату ўздрыгваў пад нізам ганак. Ну і
што? Джукі такое бачыў і чуў і вясной і ўвосень. І не раз.
Блага
прайшла. Захацелася раптам есці. Учора цэлы дзень блажыла, вярнула ахапкам
сліна, і ў роце не пабывала нават макавай расінкі. Джукі ведаў, дзе яда: учора
вечарам, калі людзі ў белых шапачках, выгнаўшы з хлява кароў і свіней,
завярнулі іх на выган, дзе цяпер равуць машыны, а адтуль з усёй вясковай стадай
пагналі ў лес пад свінакомплекс, суседка выпусціла з іхняга хлева на двор курэй
і насыпала ім у карыта варанай бульбы. Джукі падумаў, што ў вёсцы асталіся
цяпер адны куры...
Падняўшыся
на лапы - чуць адліпла ад ганка мокрая ад сукравіцы скура на жываце, - Джукі
асцярожна пацягнуўся, пазяхнуў на ўвесь сабачы рот, не могучы пасля схаваць за
зубамі абвіслы язык - патрэскаўся за ноч і з яго пасачылася кроў, - сышоў
паціху з ганка і пакавыляў да студні, да дзежачкі з вадой, што стаяла пад
яблыняй, - піць хацелася больш, чымся есці: у роце было суха і горача.
Вярнуўшыся
ад студні, ён не ўтрымаўся, каб не высунуць галаву на вуліцу...
Яму адразу
заклала вушы...
Ён ляжаў
дагэтуль на ганку, за дзвюма сценамі, і яму здавалася, што грукатала толькі на
лагу ад шашы...
Свайго канца
вёскі ён не пазнаў...
Вуліца была
заслана пылам. Такія ж самыя дзюбатыя, як буслы, машыны ўзрывалі вуліцу, сілялі
з яе пясок і сыпалі ў кузавы. Машыны, поўныя чорнага пяску, цяжка равучы,
паўзлі гародамі пад сіні лес да свінакомплекса. І нідзе не было відаць
людзей... Толькі з кабін высоўваліся чалавечыя галовы, бліскаючы замест вачэй
шклом. Пад шклом у іх матляліся пажмаканыя трубкі, як кішкі...
Джукі
пасмялеў і высунуўся ўвесь на вуліцу - падцяў толькі пад сябе паміж ног свой
доўгі, паранены пасля ўчарашняга хвост. Цяпер ён добра бачыў, што зямлю бралі
не толькі на вуліцы; забіралі яе і з гародаў. Секлі тапарамі яблыні - з іх
сыпаўся на чорную ўзрытую зямлю белы цвет, як снег. Ламалі трактарамі платы і
частаколы ад вуліцы, грузілі на машыны і звозілі. Раскрывалі стрэхі на хатах,
знімалі гонту, салому, бляху. Стрэхі адразу накрывалі нечым белым...
Пахла
глінай, торфам, гноем, палыном, падсмаленай шэрсцю і дымам... І сярод гэтага грукату
і смуроду Джукі раптам выразна пачуў пах свайго гаспадара: рэзкі дух
свінакомплекса і дзіцячых сікаў... Джукі не мог памыліцца: такі рэзкі дух ён ні
з чым бы не зблытаў...
Ён рвануўся
туды, адкуль ішоў дух - уздоўж разрытай вуліцы: гародамі ля знесеных платоў.
Цягнучы носам пыл, ён прабег аж да магазіна. Ля магазіна было цішэй. Зямля з
вуліцы тут была скапана, зеўрала толькі неглыбокая жоўтая лагчына, і ў яе адзін
за адным зялёныя самазвалы ссыпалі шэры грудаваты пясок з дробным каменнем.
Палівалі яго вадой і прыціскалі зверху цяжкім катком, як на дарозе пад
свінакомплексам - Джукі такое ўжо бачыў.
Ён падбег да
адной машыны, да другой. Густа запахла гаспадаром... Ён і да трэцяй падбег...
Не мог злавіць толькі сваім сабачым розумам - чаму ўсе расступаюцца перад ім і
даюць дарогу. Стаяць, апёршыся на рыдлёўкі, пазрывалі з твараў белыя павязкі...
Джукі хацеў
падбегчы і да чацвёртай машыны: яе ён заўважыў толькі цяпер... Яна стаяла
воддаль, ля самых дзвярэй магазіна. І тут Джукі раптам згубіў пах гаспадара і
пацягнуў глыбока носам... Ён не згледзеў здалёку, што было ў кузаве чацвёртай
машыны - самазвала, старога, зношанага, пагнутага, заляпанага белай вапнай, але
сваім сабачым нюхам пачуў учарашні горкі і праціўны пах кіслай псіны - львінага
клубка з логу... Ён тузануўся адразу назад, нібы яго рванулі за хвост,
акруціўся ў адзін міг і ўбачыў, што стаіць адзін на чыстай шырокай пясчанай
лапіне, а яго акружаюць з усіх бакоў людзі... Яны яго адумысла пускалі ад
машыны да машыны, не праганялі - заманьвалі... Іх многа, і стаяць яны шчыльна -
адзін ля аднаго. Ён чхаў на іхні зман, не ў такіх пераплётах бываў... Хоць і
баліць рана на жываце, ён скочыць на таго, нізенькага, што стаіць з лапатай у
руках і выціраецца ад поту. Нагамі ў грудзі - і лаві яго за хвост... Толькі яму
раптам зрабілася горка-горка - дзе ж гаспадар?
Скочыць яму
не даў стрэл - грымнуў якраз адтуль, куды ён хацеў сігануць - з-за недалугага
чалавека з рыдлёўкай. Куля свіснула ля вуха і шлёпнулася пад ім, пад заднімі
нагамі, узняўшы пыл. Стрэл быў ядраны, густы - з ружжа. Джукі чуў не раз такія
стрэлы. Іх лавіла вуха і сёння раніцай. Лавіла і прапускала міма. Страляюць -
хай страляюць... Джукі памыліўся... Ён ведаў, як адстрэльваюць сабак. Летась па
ім стралялі на шашы. Толькі ён шмыгнуў у бульбеўнік і лёг на зямлю. Пабегла
шашой сучка Ванда, якая была з ім. Пачуўся стрэл, і яна, падскочыўшы, лягла і
закруцілася на асфальце... Пасля заціхла, і яе драцяной пятлёй закінулі ў крыты
металічны фургон...
Джукі ўсё
адно б скочыў на таго недалугага з рыдлёўкай у руках, але ён раптам згледзеў
міліцыянера: той, паявіўшыся ў недалугага з-за плячэй, ішоў проста на яго,
наставіўшы ружжо. Джукі крутануўся да машын, што стаялі на дарозе - і там
расставіў ногі міліцыянер з ружжом... Тады Джукі тузануўся да магазіна, дзе
стаяў самазвал, ад якога несла кіслай псінай... Ля магазіна - вароты... Плот...
Джукі ведаў тут усе падваротні...
Але і ля
старога самазвала стаяў чалавек у клятчатай рубашцы з закасанымі рукавамі, з
белай шапачкай на галаве і з ружжом у руках...
Джукі забегаў
па пясчанай лапіне і закруціў хвастом. Пасля стаў рабіць вялікія кругі, шукаючы
падваротні, куды можна было б шмыгнуць. Але падваротня ля магазіна была
застаўлена скрынкамі. За старым самазвалам бялела доўгая магазінная сцяна з
цэглы. Можна было рвануць толькі на вуліцу, але адтуль загарадзілі дарогу
рабочыя і два міліцыянеры з ружжамі - вадзілі за ім доўгімі чорнымі стваламі.
Ён не хацеў соваць нос пад ствалы. Не хацеў і бегчы: помніў, як пабегла летась
сучка Ванда...
Ён кружыў
узад-уперад, ціснучыся да людзей. Людзі пры людзях баяцца страляць сабак -
баяцца параніць сябе.
Ён кружыў
усё хутчэй і хутчэй, аж у вачах пайшлі кругі. Чорныя кругі, як дома дзверы ў
будцы, тады кругі з беленькай тасьмы, якія, здавалася, лезуць яму на шыю і
цягнуць у ваду на дно. Круг з беленькай тасьмы раптам сашмыкнуўся ў яго з
галавы, і ён, маленькі яшчэ, толькі ўбачыў свет сваімі падслепаватымі вачамі,
выплыў наверх, на ваду. Па вадзе ішлі кругі, і ён ніяк не мог тады вырвацца з
іх, каб даплыць да берага ў мячэўнік...
Доўга
кружыць ён цяпер не мог: упадзе ад знямогі на пясок і яго пасля стрэлу, узяўшы
за ногі, ускінуць, як Ванду, у кузаў, адкуль пахне кіслай псінай...
Ён пачаў
рабіць усё меншыя і меншыя кругі па пяску, ціснучыся да машыны пад магазін.
Расчыненая кабіна з адвіслымі, заляпанымі вапнай дзверцамі пасоўвалася да яго
ўсё бліжэй і бліжэй. Чуваць было ўжо, як з яе запахла мазутай і хлебам...
Вось грымне
стрэл: міліцыянеры паднеслі да вачэй ружжы...
Джукі тады
рвануўся ўперад, пакаціўшыся па пяску да самазвала, і... скочыў у кабіну...
Пачуў пасля, як за ім грукнулі дзверцы, як стрэл з ружжа. Калі ён агледзеўся,
убачыў, што ў кабіне ўжо сядзеў за рулём мужчына ў белай шапачцы і клятчатай
рубашцы з закасанымі рукавамі і гаварыў - нешта добрае і лагоднае, як малады
гаспадар.
Каб жа Джукі
мог разумець, што ён гаворыць.
- Жыві, маць
тваю так!.. - вылаяўся мужчына ў клятчатай рубашцы, выціраючыся ад поту. -
Жыві, дарагі мой... Калі ты ўжо з такой крутаверці ад міліцыі вырваўся, то жыві
- і... Тут ужо я сам не дам цябе застрэліць. Гэта ж падумаць... Ён да мяне ў
кабіну. Ратавацца. І правільна зрабіў: жысь твая на валаску вісела. Правільна,
брат, зрабіў... Жыві! Глянуў я на цябе, а ты з лапкі на лапку пераступаеш, вочы
такія пакорлівыя, і такая ў іх туга, нібы гэта ты адзін вінаваты за ўсё тое,
што мы натварылі. Нібы ты гэта сам нарабіў... Стаю, і рукі мае з ламачынай самі
апусціліся. Не магу стрэліць, і ўсё... Аж пад грудзі падкаціла. Аж галаву маю
павяло... Нагледзеўся я за дзень на вашага брата праз мушку... А ён што, ваш
брат, вінаваты? Жыві, маць тваю барабан... Толькі ўбірайся з зоны к чортавай
мацеры... Гэта табе я кажу. Вывезу на шашу пад свінакомплекс, і дуй на поўнач,
на маю Віцебшчыну... - Джукі чуў, што яны едуць па нечым няроўным: гайдала
машыну. - Я, брат, з Віцебшчыны. Пасля вайны мяне, малога, сюды судзьбіна занесла.
Ідзі, брат, на поўнач. Дабірайся. Там, гавораць, чыста, няма гэтай заразы. Я
разумных цаню. А ты - не дурны-ы... Да мяне ў кабіну... Гэта ж падумаць...
Жыві, брат, калі ўдалося выкруціцца... Тако-о-е звалілася на нашы галовы...
Ніхто і не чакаў. Вецер, брат, падзьмуў на нас з табой з Чарнобыля. Далёка тут
да яго. Узыдзі на гару за Стралічава... Відаць, як над ім вісіць, рудая хмара.
А ты не дурны-ы... Гэта ж падумаць... У кабіну. Каб расказаць - дык не
павераць. І ўмудрыўся - не аблез. Яны ўсе, - кіўнуў ён галавой на аконца ззаду
ў кабіне, - аблезлі, а ты - не. А ты ведаеш, якую дозу яны хапянулі? Не ведаеш.
А я ведаю. Павер. Усім ім - капцы б усё роўна... А колькі б яны гэтай заразы
яшчэ разнеслі б. Ды схавай ты свой дурны язык. Высалапіў аж на падлогу... Трэба
было б цябе праверыць. Хаця, калі ты не аблез дагэтуль... Можа, і выжывеш. Я,
брат, і сам ратуюся, як і ты. Ёд п'ю, а ў дабавак і белую і шэрую. Адным
словам, не жысь, а кабернэ... А хто скажа, чым усё кончыцца. Такія дозы... І
скаціна і сабакі... зашкальваюць. А ваш брат рухавы, на адным месцы не сядзіць
- разносіць усё гэта. Вось і спусцілі на вас загад. Усіх да аднаго ў зоне...
Падчыстую. Але цябе я... Жыві, брат, можа, і выжывеш. Што не сядзіцца?
Скрабешся на сядзенне? Залазь. Ды схавай ты свой сабачы язык, апух ён у цябе,
ці што? Глядзець не магу... Жыві, можа, і выжывеш... Што? Не верыш, што я
гавару? Паглядзі ў аконца. Там такія, брат, як ты-ы... Адвязу ў лес за
свінакомплекс і... Як парасят. Пад агонь... Ці пад бетон... Ім ужо адзін хрэн. Такі,
брат, загад...
Матор
страляў, як з ружжа.
У кабіне
пахла гарам, бензінам, бядой і, здавалася, маладым гаспадаром.
Мужчына ў
клятчатай рубашцы загаварыў зноў, ласкава, як, бывала, малады гаспадар,
прыйшоўшы дамоў пасля работы і адчыняючы шафку, але машыну пачало кідаць з боку
на бок па рытвінах, і Джукі пачуў, як зноў падступае блага. Яго пачало тузаць,
ён стаў на заднія лапы і паскрэбваў кіпцюрамі па шкле ў дзверцах, просячыся на
волю. Шкло шчыльна загараджвала свет. Ён тады ўскочыў на сядзенне і высунуў, як
толькі мог, галаву ў задняе аконца, дзе было выбіта шкло.
Каб хоць
дыхнуць...
У кузаве
ляжалі львы. Голыя, з доўгімі грывамі ля шыі. Ён іх добра бачыў.
Зверху былі
ўчарашнія - ён пазнаў, - усе, хто качаўся на лагу ў дзікім клубку: Малекула,
Палкоўнік, Брынза, два Бімы, Чапа, Руды, Вермут і Вілія... Воддаль іх, ля
задняга борта, - Маркіз і Мірон...
Джукі тады
споўз з сядзення і завыў на ўсю кабіну...
Мужчына ў
клятчатай рубашцы змоўк і затармазіў. Пасля перагнуўся і адчыніў ля яго, Джукі,
дзверцы:
- Убірайся з
вачэй к чортавай мацеры... Ідзі! Можа, і выжывеш. Не хачу на цябе глядзець,
воўча лыка. Ідзі! І схавай свой дурацкі язык...
Джукі скочыў
на асфальт.
Стары
самазвал рвануў з месца і стаў падымацца шашой на гару.
У кузаве
ляжалі львы.
1987
Комментариев нет:
Отправить комментарий