К.Крапiва.Дыпламаваны баран. МАХАЛЬНІК ІВАНОЎ

Дыпламаваны баран
Ў адным сяле (не важна — дзе)
Хадзіў Баран у чарадзе.
Разумных бараноў наогул жа нямнога,
А гэты дык дурней дурнога —
Не пазнае сваіх варот:
Відаць, што галава слабая.
А лоб дык вось наадварот —
Такога не страчаў ніколі лба я:
Калі няма разумніка другога,
Пабіцца каб удвух,
Дык ён разгоніцца ды ў сцену — бух!
У іншага дык выскачыў бы й дух,
А ён — нічога.
I вось за дурасць гэту
Яго вучоным раз празвалі нейк насмех,
А каб двара не перабег,
На шыю прывязалі мету.
— Вось,— кажуць,— і дыплом табе.
Што гэта за «дыплом», Баран — ні «мя», ні «бэ»,
Аднак жа перад Кошкаю пачаў ён ганарыцца:
— А што ж ты думала, сястрыца!
Хіба мне пахваліцца няма чым?
Дыплом я заслужыў, здаецца ж, галавою,
I не раўнуйся ты са мною.
— Аб гэтым лепей памаўчы,—
Сказала яму Кошка.—
Каб ты быў разумнейшы трошка
Ды розумам раскінуць мог авечым,
То ўбачыў бы, што ганарыцца нечым,
Бо заслужыў ты свой дыплом
Не галавой, а лбом.
Другі баран — ні «бэ», ні «мя»,
А любіць гучнае імя.
1926


МАХАЛЬНІК ІВАНОЎ
Таму ўжо будзе, мусіць, з год,
Вучэбную стральбу праходзіла пяхота.
Дык вось страляў аднойчы ўзвод
Ці, можа, нават рота.
А тут раптоўна Шэф вярхом аднекуль — шасць:
Цікава паглядзець, а як страляе часць?
Ці вока вернае, ці цвёрдая рука
Ў чырвонага стралка?
Зайгралі «пападзі»,
Гарыць чырвоны флаг.
Стралкі — на лінію. Ляглі ўсе па упорах.
Вось выстраліў адзін,
Вось разам — пах-пах-пах!
I лезе ў нос, і дражніць востры пах
(Калісьці Шэф таксама нюхаў порах).
Вось скончылі. Адбой.
Начальнікі здаволены стральбой:
Той тры папаў, той пяць.
Ахвота тут і Шэфу пастраляць.
Ён пяць патронаў у кішэнь,
Нагледзеў лепшую мішэнь,
Прылёгшы на упор,
I стрэльбу да пляча прыпёр.
Зажмурыў вока — бах! Пад носам землю ўзрыла.
Другі раз. Гэта ўбок завыла.
Яшчэ за імі тры,—
Усе «за малаком».
— Ах, чорт вас пабяры! —
Злуецца Шэф цішком.—
Хоць бы адну-папаў, а то скандал страшэнны!
Але махальнікі падходзяць да мішэні,
Давай яму махаць
(У іх быў добры нюх):
Дзве, тры, чатыры, пяць!
У самы, значыць, круг.
Шэф хоча вынікі другім праверыць разам,—
Махальнікаў назначыў зноў жа тых
I ўзяў патронаў... халастых.
Дык што ж вы думалі? — ніводнай не прамазаў.
Як далажыў махальнік Іваноў:
«У цэнтру самую ўсе пяць загналі зноў».
I дзіва дзіўнае было там цэлай часці,
Што можна з халастых ды «ўсе пяць куль» папасці.
А ваенком дык Іванова нават пахваліў:
— Ты,— кажа,— Іваноў, сапраўдны пахдалім.
У падхалімаў так вядзецца век-вяком!
Ці б'е начальства ў цэль, ці шле «за малаком»,
Ды знойдуцца заўсёды Івановы,
Што памахаць яму гатовы.

1928

Комментариев нет:

Отправить комментарий